ГРУ́БЫЯ КАРМЫ́,

сухія раслінныя кармы (сена, салома, мякіна, сянаж, травяная мука, галінкавы корм) з адносна малой колькасцю пажыўных рэчываў. Маюць вады менш за 40%, сырой клятчаткі больш за 19%. Пажыўнасць 1 кг грубых кармоў — 0,1—0,65 карм. адзінкі. Скормліваюць жвачнай с.-г. жывёле, часам трусам. Грубыя кармы — неабходны кампанент зімовых рацыёнаў траваедных жывёл, спрыяюць нармальнаму страваванню і засваенню пажыўных рэчываў, адрозніваюцца хім. саставам і пажыўнасцю. Найб. значэнне мае сена, у якім ёсць амаль усе неабходныя для жывёлы пажыўныя рэчывы.

т. 5, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)